Паняцце «нематэрыяльная культурная спадчына» (далей - НКС) у сваім сапраўдным значэнні з'явілася адносна нядаўна. Яно доўгі час распрацоўвалася, а ў поўным аб'ёме было юрыдычна сфармулявана ў Міжнароднай канвенцыі Аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятай 17 студзеня 2003 года на 32-й сесіі ЮНЕСКА (г.Парыж, Францыя).

 

      НКС, у адпаведнасці з названай міжнароднай дамовай, абазначае «практыкі, формы падачы і выразы, веды і навыкі, а таксама звязаныя з імі інструменты, аб'екты, артэфакты і культурныя прасторы, прызнаныя супольнасцямі, групамі і ў некаторых выпадках, асобнымі людзьмі ў якасці часткі іх культурнай спадчыны».

      Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння

 

      Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва, якое сёння практыкуецца майстрамі Лідскага раёна, з’яўляецца адметнай з’явай ў народным тэкстылі, характэрнай для ўсяго гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Панямоння.

 

      Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва было распаўсюджана ў сялянскім побыце Панямоння на працягу ХІХ і большай часткі ХХ ст. Аб гэтым сведчыць значная колькасць белаўзорыстых ручнікоў і абрусоў у этнаграфічных калекцыях беларускіх музеяў. У дамах сяльчан Гродзеншчыны яшчэ ў апошнюю чвэрць ХХ ст. вырабы з белага ўзорыстага палатна былі ў шырокім ужытку, носьбітамі традыцыі захоўваліся веды і навыкі, але практыка ткацтва ў вясковым асяроддзі амаль спынілася. Белаўзорыстае ткацтва аб’ядноўвае розныя тэхнікі ручнога ткацтва: аднаўточнае двухнітовае з пераборам на дошку, розныя варыянты чатырохнітовага, пяцінітовае, шасцінітовае, а таксама ткацтва на васьмі і дванаццаці нітах, двухбаковы перабор, у выніку якіх ўтвараецца прыгожае белае палатно са складанай дробнаўзорыстай структурай паверхні і далікатнай фактурай, утворанай своеасаблівым перапляценнем нітак асновы і ўтку. Такое палатно выкарыстоўваецца пераважна для вырабу ручнікоў, абрусоў, сурвэткаў, вырабы з яго адрозніваюцца тонкасцю, ажурнасцю, далікатнай фактурнасцю. Высокі мастацкі ўзровень вырабаў дасягаецца ў выніку майстэрскага валодання навыкамі рамяства на ўсіх этапах працэса ткацтва: выбару пражы, снавання і запраўкі кроснаў, прымянення розных тэхнік у працэсе ткацтва, аздаблення гатовых вырабаў.

 

      Белаўзорыстыя тканіны вырабляюцца з ільняных і баваўняных нітак белага колеру розных адценняў, у некаторых тэхніках дадаткова прымяняюцца шаўковыя ніткі і ніткі шэрага колеру. Для ткацтва выкарыстоўваюцца кросны, якія дасталіся сучасным майстрам ў спадчыну ад старэйшых носьбітаў мясцовых ткацкіх традыцый. Сярод тканых вырабаў рэгіёну, як і па ўсёй Беларусі, асаблівая ўвага надаецца ручніку. Ручнікі Панямоння вылучаюцца менавіта сваёй арыгінальнасцю палатна, вартасць якога ў высокай якасці, дасканаласці выканання, эфектнай гульні святлаценяў на дробнаўзорыстай белай паверхні. Каляровы ўзор, вытканы або вышыты, ідзе толькі па краях вырабу, або ўвогуле адсутнічае. Распаўсюджанае аздабленне ручнікоў, абрусаў і сурвэтак прыгожымі ажурнымі карункамі, звязанымі кручком. Ручнікі выкарыстоўваюцца як у праваслаўных, так і ў каталікоў у радзінна-хрысціннай, вясельнай, сітуацыйнай і каляндарнай абраднасці, для святочнага прыбірання памяшканняў, белаўзорыстыя абрусы – абавязковы элемент падрыхтоўкі абрадавага і святочнага стала.

 

      Працэс ткацтва наладзіўся ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, што выклікае вялікі гонар у супрацоўнікаў, наведвальнікаў цэнтра і жыхароў горада, якія з радасцю далучаюцца да аднаўлення мясцовай культурнай спадчыны.